Найбольш значнай асобай сярод навукоўцаў канца XIX – пачатку XX ст. быў Еўдакім Раманавіч Раманаў, які пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускай культуры. Усё сваё жыццё ён прысвяціў збіранню і даследаванню матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага народа, на гэтай ніве працаваў нястомна і самааддана. Нарадзіўся даследчык-энцыклапедыст у мястэчку Нова-Беліца Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах Гомеля) у беднай мяшчанскай сям’і. У 1867–1870 гг. вучыўся ў Гомельскай прагімназіі. У 1872 г. здаў экстэрнам экзамены на званне настаўніка народнай школы і быў накіраваны на працу ў Герасімаўскае народнае вучылішча Аршанскага павета Магілёўскай губерні. На працягу 14 гадоў выкладаў у розных навучальных установах. З 1886 да 1906 г. быў інспектарам народных вучылішчаў у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губернях. З 1906 па 1916 г. жыў і працаваў у Вільні. Як член Часовай камісіі займаўся ўладкаваннем спраў Віленскай публічнай бібліятэкі і музея, адначасова (з 1910 г.) загадваў секцыяй этнаграфіі і археалогіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства. У кастрычніку 1917 г. пераехаў у Стаўрапаль, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця Еўдакім Раманаў плённа спалучаў педагагічную, этнаграфічную і навуковую дзейнасць. Частыя пераводы з аднаго месца працы на другое дапамагалі яму глыбока знаёміцца з мовай, матэрыяльнай і духоўнай культурай беларускага насельніцтва з розных мясцовасцей. Справай усяго жыцця Е. Р. Раманава стала фальклорна-этнаграфічная праца “Белорусский сборник”, якая з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. Аўтар меркаваў выдаць матэрыялы ў 15 кнігах. Аднак пры жыцці выйшла 9 тамоў (1886–1912), 10-ты том выпусціў Інбелкульт (1928), падрыхтаваныя 11–14-ты тамы загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, лёс 15-га невядомы. Вучонаму належыць ганаровае месца ў гісторыі станаўлення беларускай археалогіі. У 1886–1894 гг. даследчык займаўся археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў як самастойна, так і па даручэнні і на сродкі Маскоўскага археалагічнага таварыства і Археалагічнай камісіі. Археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Е. Р. Раманава ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя музеі. Даследчык склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, удзельнічаў у рабоце 9-га археалагічнага з’езда ў Вільні (1893), звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геаграфічных назваў, выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Вялікая заслуга вучонага ў выданні пісьмовых крыніц. Яго намаганнямі ў 1900 г. быў выпушчаны зборнік “Тарас на Парнасе и другие стихотворения” (дапоўненае выданне выйшла ў 1902 г.), апублікавана ў 1901 г. са скарачэннямі праца А. Меера “Описание Кричевского графства 1786 г.” і інш. Папулярызаваў беларускую літаратуру, асабліва творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. За вялікі ўклад у развіццё навукі Е. Р. Раманаў быў выбраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства (1886), Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890, член-карэспандэнт з 1886 г.). Вучоны ўзнагароджаны некалькімі імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук. Яго дзейнасць адзначана залатым і вялікім сярэбраным медалямі, дыпломамі навуковых таварыстваў.
Крыніца інфармацыі: https://bis.nlb.by/ru/documents/128750