герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Женщины рода Шимук-Лукъяненко

Категория: Информация
0
425
Женщины рода Шимук-Лукъяненко
В Год белорусской женщины государственное учреждение «Сеть публичных библиотек города Гомеля» запустило серию семейных рассказов «Женщины моего рода».


В каждом роду есть свои герои – люди, чьи судьбы и поступки формировали облик семьи, влияли на будущее детей, внуков, правнуков; люди, которые живут рядом с нами сейчас и вдохновляют своим примером. Особое место в этой истории занимают женщины – хранительницы традиций, вдохновительницы и создательницы семейного уюта.

Пра сваю настаўніцу распавядае Уладзімір Зязюлін


Мой род – чалавечы,
Кажу пры сустрэчы.
А маці – Айчына,
Твая і мая!

З чалавекам, пра якога я хачу вам распавесці, я не знаходжуся нават у малой ступені сваяцтва ў агульнапрынятым сэнсе, але мяне і тых, хто яе ведае, родніць з ёй нешта большае – сваяцтва нябачнае душы.

Мой аповед пра жанчыну, чый жыццёвы шлях размяняў дзевяты дзясятак гадоў, жанчыну-педагога, якая ўсё жыццё прысвяціла справе навучання і выхавання дзяцей, распрацавала ўнікальную методыку навучання і даказала яе велізарную карысць у дачыненні да школьнага працэсу. Псіхолаг, празаік і нават, у некаторай ступені, паэт – гэта ўсё пра яе, Шымук (Лук'яненка) Марыю Дзмітрыеўну.

Нарадзілася Марыя Дзмітрыеўна ў пачатку 1943 года ў вёсцы Хоўхла Уваравіцкага раёна (цяпер Буда-Кашалёўскі). У бацькі ад першай жонкі, якая памерла ад хваробы, засталося чацвёра дзетак, якіх маці Марыі, Анастасія Паўлаўна, прыняла і гадавала разам з трыма сваімі дзецьмі, якія з'явіліся пазней.

Женщины рода Шимук-Лукъяненко

Летам сорак трэцяга вораг, адступаючы, спальваў вёскі, забіваў або гнаў у рабства жыхароў. Анастасія Паўлаўна з чатырма старэйшымі дзецьмі і маленькай Марыяй на руках хавалася, як і большасць хаўхлянцаў, у лесе, баючыся расправы (бацька Марыі, які ўцёк у 1942 годзе з палону, ваяваў супраць гітлераўцаў у партызанскім атрадзе). У збудаваным шалашы правялі яны не адзін дзень. Напярэдадні партызанскі сувязны паведаміў, што заўтра будзе аблава. Раніцай наступнага дня з боку вёскі пачуліся стрэлы і крыкі людзей. Фашысты пачалі прачэсваць лес. Маці Марыі з чатырма старэйшымі дзецьмі і Марыйкай на руках падалася ў глыб лесу. Разумеючы, што крык немаўляці можа выдаць усіх астатніх, маці адважылася на адчайны ўчынак: схавала немаўляці пад елкай, прыкрыўшы яе ядлоўцам. Адводзячы сям'ю ад пераследнікаў, маці надламвала галінкі, пакідаючы прыкметы, па якіх зможа, калі ўдасца выжыць, вярнуцца і забраць малую. Далёка адысці не ўдалося. Фашыст нагнаў іх і, наставіўшы аўтамат, загадаў легчы на зямлю. Што адчувала маці ў гэтыя хвіліны, калі яе жыццё і жыццё дзяцей вось-вось маглі абарвацца? Яны ўпалі на зялёны мох, пакрыты сасновай ігліцай і рэдкай пораслю чарніц. Апошняе, пра што падумала маці, была думка пра дачку, пакінутую пад елкай, пра яе незайздросны лёс. Раздаліся стрэлы, але фашыст страляў не ў іх, а ў верхавіны сосен. Ён дараваў ім жыццё. Пазней, вярнуўшыся і знайшоўшы сваё дзіця, скажа Анастасія Паўлаўна дрыжачым ад хвалявання голасам: "Відаць, у яго таксама ёсць дзеці". Фашысты ў той дзень спалілі дваццаць сем дамоў і забілі пяцярых жыхароў.

Женщины рода Шимук-Лукъяненко


Пасля вайны вялікая сям'я Лук'яненкаў пераехала на новае месца жыхарства ў пасёлак Ляваду, дзе зямля была лепшай для земляробства. Перавезлі туды свой дом, які трохі абгарэў, але застаўся цэлым. На новым месцы лёс зноў убярог Марыю ад гібелі. Дзяўчынкі ў хляве знайшлі прадмет, падобны на збанчык. Сеўшы на вуліцы, яны вырашылі паглядзець, што там унутры яго. Марыйку ж адправілі дадому, палічыўшы яе малой для гульні з імі. Тая, расплакаўшыся ад горкай крыўды, адправілася дадому. Не прайшоўшы і паловы шляху, пачула за спіной выбух. Нямецкая граната, адна з тых, якія сабраў бацька адной з дзяўчынак на месцы баёў, забіла і пакалечыла дзяцей.

Марыйка расла ў дружнай сям'і, дзе старэйшыя дзеці клапаціліся пра малодшых, дзе ўсе з малых гадоў былі прывучаны да працы і ўмелі радавацца малому. Ужо ў пяцігадовым узросце, калі старэйшыя браты і сёстры заканчвалі зборы да паходу ў школу, выказала жаданне пайсці туды і Марыйка. Колькі яе ні адгаворвалі, колькі ні пераконвалі, яна стаяла на сваім. Анастасія Паўлаўна сабрала і яе разам з усімі. "Сходзіць пару разоў і задаволіцца". Але прайшоў тыдзень, за ім другі, а Марыйка не збіралася кідаць школу. Дзяўчынка аказалася не па гадах здольнай, з вялізным жаданнем вучыцца, і яе залічылі ў першы клас Стара-Будскай васьмігадовай школы. Сярэднюю школу Марыя заканчвала ў Чабатовічах, вёсцы, што за пяць кіламетры ад Лявады.

Пасля была вучоба ў Гомельскім гандлёвым інстытуце, дзе яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Якавам. Маладыя пажаніліся, нарадзілі дваіх сыноў, працавалі ў Буда-Кашалёве. Але жыццё ў іх не склалася. Яны разышліся без сварак і крыўд, зразумеўшы, што абодва зрабілі памылку ў выбары партнёра, і Марыя з дзецьмі перабралася ў родную Ляваду, бліжэй да бацькоў, да братоў і сясцёр. Неяк дырэктар школы, Зязюлін Павел Паўлавіч, сустрэўшы яе, прапанаваў ёй працу педагога ў школе. На пярэчанні аб тым, што ў яе няма педагагічнай адукацыі і вопыту, ён па-жыццёва проста адказаў: "У цябе, Марыя, усё атрымаецца!". Так Марыя Дзмітрыеўна стала настаўніцай рускай і беларускай моў, завочна паступіўшы і паспяхова скончыўшы Мазырскі педагагічны інстытут.

Праца ў школе прыйшлася даспадобы. Вучні любілі сваю настаўніцу, ім падабалася, як яна старалася знайсці падыход да кожнага з іх, выбудоўвала даверлівыя адносіны, каб нават у самых нядбайных вучняў выклікаць жывую цікавасць да вучобы. Яна ўцягвала дзяцей у працоўную і грамадска-карысную дзейнасць, спрабуючы раскрыць здольнасці кожнага з іх, ставячы на першае месца не метад пугі і перніка, а штодзённую ўвагу да іх поспехаў і няўдач. Напэўна, не было той сям'і, куды б не завіталася Марыя Дзмітрыеўна, наведваючы сваіх вучняў у іх дома. Па яе ініцыятыве арганізоўваліся паходы і экскурсіі, паездкі па месцах баявой славы і да мемарыяльных комплексаў. Малады, таленавіты, ініцыятыўны педагог прадстаўляў сваю школу на разнастайных мерапрыемствах раённага і абласнога маштабу.

Падчас адной з такіх паездак яна і пазнаёмілася з будучым мужам Шымуком Віктарам Мікалаевічам, які прыехаў па справах у Гомель. Жыў ён і працаваў у Мінску, быў рэдактарам рэспубліканскага выдавецтва, вядомым паэтам і проста цікавым мужчынам і суразмоўцам. Спадабалася яму Марыйка ды так, што аднойчы, заехаўшы ў Буда-Кашалёва па свайго калегу Болсуна Міхаіла Міхайлавіча, тагачаснага галоўнага рэдактара газеты "Авангард", паехалі яны сватаць Марыю ў згублены сярод лясоў і палёў пасёлак Лявада. Закалацілася сэрца Марыі, не выстаяла перад гарачым каханнем Віктара. Абняў зяць за плечы разгубленую цешчу ды і сказаў памятаныя да гэтага часу словы: "Не хвалюйцеся, маці, абяцаю берагчы вашу дачушку, а дзетак расціць і гадаваць як сваіх, як родных. А калі не спадабаецца, дык вернецца дадому!"

Жылі яны ў новым мікрараёне "Курасоўшчына". Марыі Дзмітрыеўне прапанавалі працу педагога ў новай школе №125 г. Мінска. Мікрараён рос, і дзяцей у школе было хоць адбаўляй. У адным з класаў іх набралася сорак пяць чалавек. Хлопцаў прывозілі з навакольных вёсак, што падлягалі зносу. На нарадзе педагогаў ахвотных узяць гэты клас не знаходзілася, і тады Марыя Дзмітрыеўна ўстала і прапанавала сваю кандыдатуру. А пасля, ужо ідучы дадому, расплакалася ад усведамлення таго, што такі цяжар узвалілі на свае плечы! Сорак пяць дзетак, сорак пяць індывідумаў, якіх трэба было пазнаць, палюбіць і знайсці падыход да кожнага! А колькі імёнаў бацькоў, дзядуляў і бабуль трэба запомніць?! Расплакалася, дала волю і слязам, і пачуццям, але так, каб ніхто з блізкіх не бачыў яе слёз. Досвед настаўніцтва быў, было ў падыходах выкладання ўсё самае перадавое, і галоўнае было ўменне разумець дзяцей, ператвараць руціну вучобы ў нешта захапляльнае, пазнавальнае, не абцяжлівае ні для педагога, ні для вучня. Праз чатыры гады ў самым шматлікім класе двоек ставіць было ўжо няма каму. Ды што там двоек, тройкі і то праскоквалі як часовая мера выхавання. Як вартую сярод вартых прынялі Марыю Дзмітрыеўну ў члены КПСС, прысвоілі кваліфікацыю педагога вышэйшай катэгорыі. За гады працы яна распрацавала і ўкараніла ўнікальную методыку выкладання, даказала на практыцы яе жыццяздольнасць і эфектыўнасць.

Женщины рода Шимук-Лукъяненко


Ды і на асабістым фронце не падвёў зяць цешчу. Мужам Віктар аказаўся на рэдкасць уважлівым і клапатлівым. Валодаючы паэтычным дарам і велізарным чалавекалюбствам, стварыў ён вакол сябе амаль казачны мірок, дзе пачуцці выказваліся рыфмамі вершаў, дзе клопат пра бліжняга стаяў вышэй за ўсе астатнія думкі, дзе любоў да жанчыны стварыла не адзін цудоўны верш, на словы якіх загучалі песні па ўсёй Беларусі. "Не наглядзецца мне ў твае вочы, з імі не страшны цёмныя ночы!" Гэта пра яе, пра сваю Марыю, спявала душа паэта.

У шчаслівым шлюбе нарадзілася іх дачка Таццяна, ды і сыны выраслі і абзавяліся сваімі сем'ямі. А галоўнае, што аб'ядноўвала Віктара і Марыю, "была любоў да роднай мовы", якую яны пранеслі праз усё жыццё…

Таму першаму выпуску ўжо за пяцьдзесят. Спасцігла і састарэла і іх мама-настаўніца, як яе ласкава называлі вучні. Не пашкадавалі гады таго, хто ўсю сябе, дзень за днём, год за годам, аддаваў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Але, сустракаючыся са сваімі дзецьмі на сустрэчах выпускнікоў ці ж на вуліцах роднага горада, распраўляюцца плечы настаўніцы, нібы крылы птушкі, гатовай зноў узляцець, ажываюць задумлівыя вочы, напаўняюцца той радасцю жыцця, з якой заўсёды сустракала яна сваіх дзяцей на парозе школы.

Адышоўшы на заслужаны адпачынак, Марыя Дзмітрыеўна – заўзятар рэдакцый газет і часопісаў. Яе апавяданні, артыкулы і вершы раз-пораз друкуюцца на старонках беларускіх выданняў, а меладычная родная мова вітае кожнага, з кім яна сустракаецца.

Вось і я, яе былы вучань з пасёлка Лявад, сусед нашай гераіні, часцяком тэлефаную сваёй настаўніцы, пытаюся той ці іншай парады, чытаю ёй свае вершы, а яна з вялікай радасцю дзеліцца са мною сваімі ўспамінамі, сваімі творчымі поспехамі, знаёміць з творчасцю Віктара Шымука. Кожны раз на прыканцы нашай размовы я жадаю ёй добрага здароўя, а яна лагодна ўсміхнуўшыся адказвае: "Мы ж Радзімічы, што з намі станецца!" А потым, нібы падводзячы вынік нашай бяседы, чытае радкі з верша пра родную мову:

Ёсць хлеб у нас, і ўсё да хлеба,
І ёсць нагода, каб спяваць.
Аб мове лішніх слоў не трэба –
На мове трэба размаўляць.
Кажу аб тым, бо з Беларуссю
Быць разам мару, дзе б не быў,
З той, кім з маленства ганаруся,
За лёс каго святых маліў!

Ад сябе, замест эпілога, дадам:

Як добра нам, што ёсць такія людзі,
Што нібы зоркі свецяць нам заўжды.
Ім дзякуючы род наш вечным будзе,
І вёскі будуць жыць і гарады!


Благодарим Владимира Александровича и приглашаем всех принять участие в акции.
скачать dle 10.4фильмы бесплатно
Дата: 30.03.2026
Опубликовано: natalya15


Нашли ошибку? Выделите ее, нажмите ctrl+Enter, и мы все исправим.