18 мая ў бібліятэцы-філіяле №1 імя І.П. Мележа адбылася
творчая сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка” Янінай Вячаславаўнай Каралёвай “Часопіс для падлеткаў і не толькі”. На сустрэчу запрасілі вучняў ДУА “Сярэдняя школа №66 г. Гомеля” і ДУА “Сярэдняя школа №49 г. Гомеля”.
Беларускамоўны інтэлектуальны часопіс для падлеткаў у 2024 годзе адзначае 100-годдзе з часу заснавання. За ўвесь перыяд свайго існавання часопіс перажыў розныя этапы развіцця. Спачатку (са снежня 1924 года) ён выходзіў пад назвай “Беларускі піянер”. А з 1945 года выдаецца пад назвай “Бярозка”, якую зараз ведаюць многія.
Яніна Вячаславаўна расказала школьнікам пра гісторыю выдання, яго рубрыкі і цікавыя старонкі, пра супрацоўніцтва і магчымасці для публікавання сваіх артыкулаў. Таксама прадставіла для падлеткаў сацыяльныя сеткі часопіса, пазнаёміла з яго новымі рубрыкамі: “Міфалогія”, “Арт-прастора”, “PROпрафесію” і інш.
Яніна Вячаславаўна паведала, як у часопіса з’явіўся ўласны вобраз “Бярозкі”, і прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам прыняць удзел у літаратурным конкурсе пра яе гісторыю.
Пры знаёмстве з публікацыямі выдання вучні па чарзе прачыталі ўслых казку Андрося Чабарка “Зайчыха Люся” і разам абмеркавалі яе.
Падчас сустрэчы дзеці актыўна задавалі пытанні рэдактару. Іх цікавілі тэмы, на якія можна дасылаць артыкулы, умовы і колькасць іх размяшчэння ў часопісе, удзел у конкурсах, тыраж выдання. Прагучала пытанне і пра гананар за публікацыю.
Сустрэча была цікавай і пазнавальнай. Напрыканцы яе вучні атрымалі ад Яніны Вячаславаўны салодкія пачастункі, а фонд бібліятэкі папоўнілі часопісам з подпісам і пажаданнем ад рэдакцыі.
Тэкст: загадчык бібліятэкі-філіяла №1 імя І.П. Мележа Капусціна Л. А.скачать dle 10.4фильмы бесплатно