Усе казкі родам з дзяцінства. Казка – гэта не проста забава. Яна расказвае нам пра надзвычай важнае ў жыцці, вучыць быць добрымі і справядлівымі, абараняць слабых, пагарджаць хітрунамі і лісліўцамі. На прыкладзе казачных герояў дзеці вучацца дабру і справядлівасці.
10 лістапада ў
бібліятэцы-філіяле № 6 у рамках праекта па далучэнні дзяцей да беларускай кнігі “Беларускія пісьменнікі – дзецям” прайшла займальная гульня-падарожжа
“Вандроўка па чароўнай краіне Казак”.
Вучні 3 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа №22 г. Гомеля” даведаліся пра гісторыю ўзнікнення казак, пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, якія ўзніклі ў далёкім мінулым, узгадалі літаратурныя казкі, аўтары якіх – вялікія пісьменнікі-казачнікі.
Падарожнічаючы па старонках любімых беларускіх казак (“Курачка раба”, “Пшанічны каласок”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Каток залаты лабок”, “Залатая яблынька”, “Пых”, “Лёгкі хлеб”), дзеці прымалі актыўны ўдзел у літаратурных і гульнявых конкурсах (“Упрыгожваем яблыньку”, “Дапамажы бабулі сабраць яйкі”, “Знайдзі курачку”, “Размалюй птушку”, “Шчодрыя дары”).
Найбольшую цікавасць у рабят выклікаў конкурс “Не лёгкі хлеб”, у якім ім трэба было замясіць цеста правільнай кансістэнцыі. Справіўшыся з гэтай задачай, дзеці прыйшлі да высновы, што гэта не лёгкая праца. Таксама школьнікі прадэманстравалі выдатныя веды беларускіх казак, адказваючы на пытанні віктарын “Казкі нас дабрыні навучаць”, “Адгадай казачнага героя”.
Акунуўшыся ў непаўторны свет чараўніцтва і фантазій, дзеці з задавальненнем збіралі мазаікі, па карцінках адгадвалі назвы і расказвалі сюжэты казак, успаміналі сваіх любімых казачных персанажаў. На працягу ўсяго мерапрыемства яны слухалі аўдыёкніжкі і глядзелі любімыя мультфільмы па матывах беларускіх казак. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстаўка “Казачнае царства – мудрая дзяржава”.
Тэкст: бібліятэкар 2 катэгорыі Гананайка Лілія Уладзіміраўна
скачать dle 10.4фильмы бесплатно