У публічных бібліятэках горада прайшоў шэраг мерапрыемств да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Я.Коласа, вось некаторыя з іх.
Паэтычная акцыя “Чытаем Коласа”
У пачатку лістапада ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле №12 ім.С.Маршака праходзіла паэтычная акцыя “Чытаем Коласа”. Усім наведвальнікам бібліятэкі прапанавалі прачытаць у гэтыя дні творы пісьменніка. Асноўная мэта акцыі – паказаць прыгажосць мілагучнага коласавага слова, якое засталося нам у спадчыну.
Нікіценка Ілля
Літаратурная гадзіна “К вясне б маёй хацеў вярнуцца…” ў бібліятэцы-філіяле №1 імя І.Мележа
Вучні 9 “А” класа ДУА “Гімназія № 14 г.Гомеля” пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, успомнілі і прачыталі на памяць вершы паэта.
Стаць бліжэй да пісьменніка і яго спадчыны школьнікам дапамог удзел у гульнях, дзе яны адказвалі на біяграфічныя бліц-пытанні, расшыфравалі пажаданне Якуба Коласа чытачам.
Ахвотна рабяты акунуліся ў побыт герояў пісьменніка: прыгадалі назвы адзення, у якое былі апрануты коласаўскія героі, вызначылі назвы кветак, ягад і агародніны на беларускай мове.
З цікавасцю і адказнасцю вучні падышлі да перакладу вершаў Я.Коласа на рускую мову. Пасля выканання гэтага творчага задання яны параўналі варыянты сваіх тэкстаў з перакладам прафесійным.
Напрыканцы сустрэчы рабяты зрабілі вывыд: колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людзей Якуб Колас – народны пісьменнік і пясняр, без якога немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру.