Хто жыве ў Рагачове – той шчаслівы чалавек!
Ул. Немізанскі
Сёння, 31 ліпеня, святкуе свой юбілей празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, даўні сябра бібліятэкі імя А. І. Герцэна Міхаіл Мітрафанавіч Кавалёў, больш вядомы чытачам як Міхась Сліва.
Паважаны Міхаіл Мітрафанавіч! Прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем ад чытачоў і калектыва цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна! Мы сардэчна жадаем Вам, Міхаіл Мітрафанавіч, здароўя, незлiчонага багацця, шмат доўгiх гадоў жыцця! Няхай з Вамі ідуць побач блізкія людзі і сябры, а дарога жыцця будзе шчаслівай.Нарадзіўся юбіляр 70 год таму ў вёсцы Каменка Курганскага сельсавета Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласці. А зараз Міхась Сліва – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат прэмій часопіса «Вожык», Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года ў галіне сатыры і гумару» «Залаты Купідон», абласной літаратурнай прэміі імя А. Капусціна.
Міхаіл Мітрафанавіч піша празаічныя творы: апавяданні, казкі, гумарэскі, мініяцюры, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі на беларускай (у асноўным) і рускай мовах, перакладае з украінскай і чэшскай моў, і як вынік – больш 20 кніг прозы, 2 з якіх – для дзяцей, мае шматлікія публікацыі ў літаратурных часопісах і газетах. Акрамя таго, па меркаванні калегі, Васіля Ткачова, Міхась Сліва – яшчэ і прыроджаны гумарыст, які цудоўна валодае вострым і адначасова цёплым народным словам.
У цэнтральнай бібліятэцы кожны чытач зможа пазнаёміцца з новымі творамі Міхася Слівы і
ўбачыць аўтографы, якія Міхаіл Мітрафанавіч пакінуў сваім сябрам, знаёмым, чытачам. Шчыра запрашаем!
скачать dle 10.4фильмы бесплатно