Пісьменнікі адным клікам

Калашнікаў Яўген Міхайлавіч

Калашнікаў Яўген Міхайлавіч (нарадзіўся 7 ліпеня 1941 года ў Растоўскай вобласці па шляху ў эвакуацыю) – беларускі дзіцячы пісьменнік, паэт. З 2003 года – у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Сябра Савета Гомельскага абласнога аддзялення СПБ.

Калашнікаў Яўген Міхайлавіч вучыўся ў Гомельскай чыгуначнай сярэдняй школе № 2, цяпер СШ № 28. З чацвёртага курса Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Падчас службы ў войску амаль тры гады быў пазаштатным карэспандэнтам газеты "Во славу Родины". У 1974 годзе скончыў Гомельскі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута працаваў тэхнолагам, начальнікам інструментальнага цэха, галоўным тэхнолагам, галоўным інжынерам на шэрагу прадпрыемстваў. Да выхаду на пенсію працаваў галоўным інжынерам і адначасова старшым выкладчыкам тэхнічных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта ім. П. Сухога на кафедры “Апрацоўка матэрыялаў ціскам”, якую некалі заканчваў і сам.





У асноўным піша для дзяцей – вершы, казкі, апавяданні на рускай і беларускай мовах. Друкуецца з 1980 года ў розных перыядычных выданнях – газетах «Зорька», «Гомельская праўда», “Вечерний Гомель”, “Гомельские Ведомости”, “Книжный Мир”, “Мир животных”, журналах – “Вясёлка”, “Палессе”, “Качели”, “Образование в регионах России и СНГ”, у альманахах “Літаратурная Гомельшчына”, выдаваўся ў некалькіх калектыўных зборніках.

Першая кніжка вершаў “Для чего нужны хвосты?” выйшла ў 1995 годдзе. З таго часу выдадзены таксама кнігі: “Буквы путать не годится”, “Сегодня праздник у кота”, “Куды спяшаюцца вожыкі?”, “Весёлый поезд”, “Учатся в школе по-разному дети”, “Волшебный цветок”, “Якія колеры ў вясёлцы?”, “Летала кошка рыжая”, “Петух в жилетке”, “Имя из мультика”.

Я. Калашнікаў даўні сябар дзіцячых бібліятэк. Ён рэгулярна сустракаецца са школьнікамі ў Гомельскіх гарадскіх і раённых бібліятэках і школах. Амаль усё, што ім напісана, адрасавана дзецям. Дзеці лёгка ўспрымаюць і запамінаюць яго вершы, таму што яны напісаны як бы імі самімі, калі ў іх быў добры настрой. На сустрэчах з аўтарам яны, як правіла, разыгрываюць сцэнкі на вершы з яго кніг.

Яўген Калашнікаў – дыпламант Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2010 года ў галіне дзіцячай літаратуры” за кнігу “Якія колеры ў вясёлцы?”, лаўрэат 1-га Гомельскага абласнога літаратурнага конкурсу «Православие – моя надежда» (2013 г.), лаўрэат Гомельскага абласнога літаратурнага конкурсу ім. Кірылы Тураўскага (2013 г.).

Пісьменнік і мастак Юрый Фатнеў пра паэзію Я. Калашнікава адазваўся так: «Стихи Евгения Калашникова одинаково любопытны и детям и взрослым. В каждом из них скрыта изюминка. Юмор не навязчив, как и назидание. Даже взрослых его стихи хоть на минутку возвращают в детство».