Ганна Мікалаеўна Атрошчанка – паэтэса, празаік і публіцыст. Член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Нарадзілася 20 жніўня 1940 г. у пасёлку Чырвоны Рог (зараз не існуе) Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Працавала на будоўлі, а потым на Гомельскім заводзе пускавых рухавікоў. Прайшла працоўны шлях ад карэспандэнта да намесніка галоўнага рэдактара газеты.
Піша на беларускай і рускай мовах. Першы твор быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» яшчэ ў 1963 годзе, быў прысвечаны першаму касманаўту-жанчыне Валянціне Церашковай. Друкавалася ў альманахах «Славянские колокола», «Літаратурная Гомельшчына», «Междуречье», часопісах «Вожык», «Алеся», «Метаморфозы», «Эколог и я», газетах. Аўтар больш 15 асабістых зборнікаў паэзіі і прозы «Сустрэча», «Чырвоны Рог», «Жыццёвая гісторыя», «Летуценніца», «Жытнёвыя каласы», «Ветрагон», «Арыёза жыцця», «Лавровишня», «Пазычце ў сонца дабрыні!», «Абпаленае вайной юнацтва...» і інш.
У 1996 годзе была пераможцай конкурсу, які праводзіў часопіс «Вожык», а ў 2007 годзе стала дыпламантам літаратурнага конкурсу, арганізаванага часопісам «Алеся». За ўдзел у абласным літаратурным конкурсе ў 2009 годзе «Пад мірным небам – 65 вёсен» узнагароджана заахвочвальным дыпломам, адзначана падзячным лістом за паэтычны зборнік «Арыёза жыцця». Ганна Мікалаеўна лаўрэатка і дыпламантка міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. За плённую працу на літаратурнай ніве ўзнагароджана юбілейным нагрудным знакам «За ўклад у станаўленне і развіццё аддзялення», памятным медалём «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру» і памятным медалём за ўдзел ва Усерасійскім штогадовым конкурсе «Героі Вялікай Перамогі».
Піша і для дзяцей (кніга казак і вершаў «Дома і салома ядома», «Казачны ласунак», «Падарунак», «Майскі ранак»).
Яё творы вызначаюцца лірычнасцю, узрушанасцю, шчырасцю. У іх адкрываецца стан душы паэтэсы, любоў да родных мясцін, Беларусі, развага пра таямніцы зямнога кахання. Некаторыя вершы пакладзены на музыку.
