герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Гомель в сердце моём : Эссе

Гомель в сердце моём!

Гомель в кадреVideoВзгляд

ГОРАД МІЖ СТАГОДДЗЯЎ

Автор: Штрапаў Даніла Аляксандравіч, 16 гадоў

1033
Филиал №12
 

Што звычайна робяць людзі, калі ў іх з’яўляюцца доўгачаканыя свабодныя хвіліны? Існуе шмат варыянтаў: ідуць на шопінг, праглядаюць улюбёныя кнігі ці часопісы, ходзяць у тэатр або кіно. Усё гэта так.

Можа, я з’яўляюся чалавекам асобага роду, або проста стаміўся ад сядзення на адным месцы, але вырашыў павандраваць па Гомельшчыне. Ды не адзін, а з лепшым сябрам. Так і зручней, і весялей. Гісторыкі-аматары, мы вельмі добра адзін аднаго разумеем.

Пачалі падарожжа з найбольш блізкага да Гомеля горада Веткі. Сабраліся, прыехалі і на некалькі гадзін забыліся на час і маршрут, які абмяркоўвалі загаддзя. Так нас уразілі чысціня ды ветлівасць утульнага гарадка: падмеценыя вуліцы, дагледжаныя парк, плошча, сад, унікальны Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, спадарожныя маляўнічыя лясныя краявіды… Горад здаваўся жывым, быццам у ім кожная істота ў кожным куточку не прыпынялася ні на імгненне, а час імчаў хутчэй, чым падае з неба зорка-знічка.

Я, канечне, чуў прымаўку, што адчуваеш любоў да родных мясцін толькі тады, калі на некаторы час развітваешся з імі. Але не прыдаў гэтаму асаблівага значэння, бо да Гомеля не так ужо і далёка. Тым болей надакучыў ён мне: стаў нейкім шэрым, пасрэдным, безэмацыянальным. Я быў рады, што змог з’ехаць хоць на колькі з яго…

Але ўжо на адваротным шляху я адчуваў нейкую няёмкаць. Мне было няўтульна, як быццам нешта згубіў, страціў важную рэч. Пераправерыў заплечнік - усё з сабою. Не мог зразумець, што за дзіўная справа. З такімі пачуццямі я хутка і заснуў.

Прачнуўся пад вечар толькі ў самім Гомелі. Была якраз мая любімая часіна. Сонца пачало заходзіць, і яго прамяні падалі на фасады старых, сумных дамоў. Людзі паволі прагульваліся. Пасля дзённай спёкі жыццё горада расквітнела. Тады да мяне дайшло, што было згублена ў Ветцы. Я страціў гэтае неверагоднае суіснаванне старых каменных будынкаў і новых радасных людзей, суладдзе старога і новага Гомеля. Я згубіў і зноў знайшоў свой Гомель - горад між стагоддзяў.

Сапраўднае першае стагоддзе, першая эпоха - “Гомель Румянцавых ды Паскевічаў”. Калі адгорнем Кнігу гісторыі горада, мы зразумеем: Гомель да другой паловы XVIII стагоддзя быў вялікай вёскай і налічваў 5 тысяч чалавек насельніцтва. У 1772 годзе ён адышоў да Расійскай імперыі, а праз тры гады імператрыца Кацярына ІІ падарыла Гомельскі маёнтак і наваколле горада графу Пятру Румянцаву, а ўжо яго нашчадкі ў 1834 годзе прадалі Гомель у дзяржаўную казну, адкуль яго выкупіў фельдмаршал Іван Паскевіч у той жа год.

Менавіта Румянцавы пачалі актыўную забудову горада. З’явіліся першыя помнікі класіцызму - Палац у гомельскім парку (1777 г.) і Петрапаўлаўскі сабор (1819 г.), а пры Паскевічах з’явіліся пышныя будынкі ў неакласічным стылі (Руска-Азіяцкі банк, цяпер будынак Галоўнага ўпраўлення НБ РБ па Гомельскай вобласці) і псеўдарускім (дом купца Майнца, цяпер тут знаходзіцца Гомельскае аддзяленне “Белпошты”). Эканамічна і культурна горад расквітнеў: ён меў некалькі фабрык і заводаў, парк, тэатр, праз яго праходзіла чыгунка.

Гомель XIX стагоддзя - гэта горад, які адрадзіўся пасля эпохі цемры і заняпаду. Ён стаў архітэктурна элегантным і эканамічна моцным, актыўным удзельнікам агульнадзяржаўных падзей.

А потым адбылася рэвалюцыя… Прыйшло другое стагоддзе…

Савецкі Гомель (горад з 1919 года знаходзіўся ў складзе РСФСР, у 1926 годзе быў перададзены Савецкай Беларусі) меў некалькі адценняў: сталінскае - гэта пышныя будынкі на Савецкай вуліцы і праспекце Леніна, мэтай якіх было паказаць усе дасягненні і станоўчыя бакі жыцця краіны Саветаў. А з адваротнага боку гэтых дамоў, заглянуўшы ў двары, можна было ўбачыць зусім іншую карціну: шэрыя неафарбаваныя фасады дамоў, разбітыя дзіцячыя пляцоўкі, непастрыжаныя дрэвы і траву. Гэта кардынальна іншы Гомель - горад безэмацыянальны і пазачасовы, з некаторымі ўкрапеннямі жывой энергіі і прыгажосці. Такімі, як велічныя будынкі: вежа на прыпынку 8 сакавіка, Гомельскі драматычны тэатр і рэканструяваны кінатэатр Калініна.

Нарэшце, трэцяя эпоха гісторыі горада - Гомель найноўшага, XXI стагоддзя. Гэты перыяд станаўлення новай краіны і новага грамадства. У горадзе цяпер жывуць іншыя, свабодныя людзі, якія ўжо не ведаюць слоў дэфіцыт, планавая эканоміка і партыйная наменклатура.

Так, гэта ўсё наш Гомель. Тут хораша жывуць ды гарманіруюць старая архітэктура з новымі пакаленнямі жыхароў. Мы не маем ніякага права знішчыць гэтую прастору. Варта зберагчы мой цудоўны горад - горад між стагоддзяў.

скачать софт