герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Буклет, к презентации книги "Выток пачуццяў". ВОЗИСОВА Лидия Петровна

"Душа, як птушка, узнясецца…" - сцвярджае Лідзія Возісава ў новым зборніку вершаў "Выток пачуццяў". І сапраўды, яна валодае здзіўляючым дарам - зараджаць усіх, хто з ёй сутыкаецца, энергіяй, аптымізмам, падымаць настрой.

Яна заўсёды знаходзіць новыя і новыя крыніцы натхнення, якія дапамагаюць не толькі пісаць вершы, але і пераадольваць розныя неблагапрыемныя жыццёвыя абставіны. Складваецца ўражанне, што гэтай жанчыне падуладна ўсё: і творчасць, і актыўная грамадская дзейнасць, і ўменне наладжваць свой матэрыяльны дабрабыт, і выглядаць заўсёды прыгожай, падцягнутай, з густам адзетай жанчынай, упэўненай у сябе. Лідзія Пятроўна ўмее ў жыцці ўсяго дабівацца сама і ўпэўнена ісці да вызначаных вышынь. Гэта - паказчык моцы духа, высокай выжывальнасці ў нашых няпростых умовах. І на гэта здатныя далёка не ўсе.

Як і ў кожнай творчасці, у яе прысутнічае тэма любові да роднай зямлі, да родных каранёў, ад якіх немагчыма адарвацца, якія цягнуць да сябе зноў і зноў і, здаецца, у якую б частку свету ты не паехаў, але ж заўсёды вернешся сюды. Туды, дзе "трос чубам выспелы авёс", дзе "чырвоным крыжыкам на ўсё жыццё ўзор, што вышыла", дзе "шчарбаты рот сняжынкам… горад падстаўляў", дзе "сушыць лысіну на ветры поплаў, нібы дзед стары", дзе "слязою бруднай плача снег".

Знакамітая паэтка Ніна Шклярава ў прадмоўі да зборніку распавядае цікавы эпізод з жыцця ЛідзіАны (літаратурны псеўданім Л.Возісавай), калі яна жыла ў далёкай Удмурціі:

"Парывам ветру да яе ног прыбіла пажоўклую газету, яна падняла яе і прачытала: "Народа моего живое сердце, о Беларусь, во мне струишь ты кровь…" Гэту старонку "Литературной газеты" з нізкай вершаў (у перакладзе на рускую мову) свайго земляка, вядомага паэта Анатоля Грачанікава яна беражэ і цяпер. А тады выспела думка аб пераездзе ў Гомель, на бацькаўшчыну, што яна і зрабіла.

Пісала вершы на беларускай і рускай мовах. Адна за адной выйшлі тры кнігі паэзіі: "Прызнанне", "Касание Перста", "Следы". Так яна ўвайшла ў асяроддзе паэтаў. Актыўна друкавалася ў рэспубліканскім і мясцовым друку, а таксама ў Расіі, у перакладзе на рускую мову пісьменнікамі Ул.Парыгіным, М.Юніцкай, А.Алешынай…

Народныя песні, пераказы, прыказкі і прымаўкі будзілі фантазію паэткі, хвалявалі яе душу, выліваліся ў мастацкія вобразы. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў прытчах. ЛідзіАна спрабуе сябе ў розных жанрах: ад чатырохрадкоўя і калыханак да апавяданняў і эсэ…"

Другая паэтка - Ганна Атрошчанка - сцвярджае:
"Не дзіўна, што вершы Лідзіі Возісавай, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, прымушаюць людзей азірнуцца на сябе, застаўляюць думаць, разважаць, перажываць…Асабліва хвалююць паэтэсу маральна-этычныя праблемы ўзаемаадносін чалавека, грамадства, стан роднай мовы. Хоць яна свабодна валодае і піша на рускай мове, але лічыць, што без роднай мовы сучасны пісьменнік быццам без крылаў.

Апошнім часам Лідзія Возісава піша і друкуе цікавыя прытчы, у якіх выразна акрэсліліся глыбокі роздум пра існасць чалавека, ягонае месца на нашай зямлі, дзе востра адчуваецца грамадзянска-патрыятычнае гучанне. Асаблівы боль аўтаркі - стан нашага навакольнага асяродку, прыроды, самога чалавека:

…Не кляніце нікога,
Не зласлоўце, хай ворагі кпяць -
Бо ўсе словы даходзяць да Бога,
А затым бумерангам ляцяць.

На мой погляд, у кніжцы "Выток пачуццяў" паэтэса больш смела адчыняе нам дзверы ў свет прыгажосці. Яна запрашае свайго чытача зазірнуць у гэтую цудоўную краіну, каб востра адчуць хараство навокал, нечаканую еднасць чалавека з прыродай. Творы ЛідзіАны розныя па сваёй тэматыцы, трапяткія, хвалюючыя. Яна штодзённа пашырае свой светапогляд, старанна занатоўвае ў сваёй памяці штосьці новае, неабходнае. Бо яна - сапраўдная працаўніца!

Лідзія Пятроўна па-ранейшаму "сябруе" з паэзіяй, ладзіць сустрэчы з чытачамі, актыўна друкуецца ў мясцовым і рэспубліканскім друку".

скачать софт