герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Нарыс аб творчасці. БАШЛАКОЎ Міхаіл Захаравіч

Міхась Башлакоў – аўтар шматлікіх кніг, у ліку якіх і знакамітыя «Нетры», уключаныя ў лік ста лепшых кніг свету па рэйтынгу экспертаў міжнароднага кніжнага кірмашу ў Франкфурце-на-Майне (Германія, 2005), і «Палын. Чарнобыль», узнагароджаная элітным залатым медалём на Міжнародным конкурсе выяўленчых мастацтваў (Бельгія, 2006). У 2008 годзе паэт стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры. Да таго часу прэмія цэлых шэсць гадоў нікому з пісьменнікаў не прысуджалася.

Вершам Міхася Башлакова ўласцівая меладычнасць, вобразнасць, маляўнічасць. Шчырыя, меладычныя, вытанчаныя вершы аб маці, Радзіме, пра прыгажосць беларускіх пейзажаў прайшлі вытрымку часам і прызначаныя для сапраўдных аматараў паэзіі.

Дар Міхася назапашваўся і развіваўся паступова. Можна з поўным правам лічыць, што паэта Міхася Башлакова стварыла Палессе. Без Лельчыц, Турава, Нароўлі не было б гэтага імя ў літаратуры. Палессе ўдыхнула ў яго сваю душу, якую не давярала іншым. I ўсё, што яго раніць, кранае, засмучае, усяляе надзею, ён пакідае навекі ў Слове.

Міхась Башлакоў заўсёды помніць пра музыку. Галоўнае ў яго вершах – музыка. Загучала – падхоплівае словы і кружыць, нібы вецер апалае лісце, захоўваючы вернасць толькі мелодыі, а не граматыцы. Пры чытанні яго вершаў узнікае музычны фон. Мяккі. Матавы. Ён ніколі не перагружае свае вершы вобразамі.

Яго паэзія – акварэльная празрыстасць, духоўная прасветленасць. Не акадэмічная грунтоўнасць, а імпрэсіянісцкі мазок – вось яго стыхія. Ён нарадзіўся на перакрыжаванні, дзе сышліся разам паэзія, музыка, жывапіс.

Міхась Башлакоў – тонкі лірык, пранікнёны, пранізлівы. Якія на дзіва дакладныя і канкрэтныя ў яго вобразы.



Нібыта суседкі ля студні,
Сабраліся лодкі у круг,
Шушукаюць, пэўна, пра будні,
Пра весні вандроўніцкі дух.

Кожны радок – каментарый да яго жыцця, да лёсу Радзімы.

У Міхася Башлакова ёсць вершы, якія, прайшоўшы праз сэрцы людзей, з часам таксама стануць шэдэўрамі: «*** 3 лістападамі...», «*** Сказала маці...», «***А над Кракавам дожджык крапае...», «Яніна», «Дні мае залатыя», «Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц», «Музыка нязваная», «Замарожанае рэха», «Віно адзінокіх». Гэта не значыць, што астатнія вершы паэта горшыя. Проста ў названых вершах характэрныя асаблівасці паэзіі Міхася Башлакова адлюстраваны найбольш выразна. Вершы сапраўднага паэта можна слухаць з асалодай, нават не ведаючы мовы. Гармонія інтэрнацыянальная. I невыпадкова, калі ён выступаў у Германіі, забыўшы пра еўрапейскую стрыманасць, у эмацыянальным парыве абступілі яго слухачы, шчыра дзякуючы за вершы і нязвыкла-страснае чытанне.

скачать софт