герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Буклет к презентации книги поэта. БОЛСУН Міхаіл Михайлавіч

Мо сціхнуць войны на Зямлі,
Ахвяр не возьмуць землятрусы,
І будзем рады ўсе, калі
Мінуць нягоды беларусаў.

Бадай, на Гомельшчыне няшмат знойдзецца паэтаў, чыя творчасць у пераважнай большасці - апяванне родных мясцін, куды, на жаль, зрэдку мы наязджаем у сталым узросце, бо справы, справы… А тут жа прайшло наша маленства, юнацтва, яно не адпускае ад сябе, сніцца начамі, кліча нас. Там "раўчукі мыюць воблакі рупна", там "месяц блісне, бы турэцкі нож", там "клён пад душ нябесны чуб падставіў", там "адшумела восень, адгуляла ўволю дзеўкай-перастаркай жухлая брыдзе".

Міхась Болсун нарадзіўся на Чачэршчыне, якая пацярпела ад чарнобыльскай бяды. У вёсцы - "болем працятае сэрца крычыць", "хаты-шкілеты і яблынь карчы", "вокны забіты - з шалёўкі крыжы".

Не абмінула родныя мясціны і навала вайны. З 178 загінуўшых воінаў, чые прозвішчы высечаны на абеліску ў вёсцы Палессе, 33 носяць прозвішча Болсун - блізкія і дальнія сваякі паэта. Ім прысвечаны цыкл вершаў:

Шануюць памяць чачаране
Байцоў, забітых на вайне.
Смыляць у сэрцах яшчэ раны
Ад страт у родной старане.

Сам аўтар - з пакалення падранкаў вайны, "хоць шрамаў няма на іх целе", і для тых дзетак "смак каржоў нішчымных быў лепш, чым "снікерсаў" цяпер". Але ж яны "галоўны ўсе-ткі свой выйгралі бой - жыццё ацалела падранкаў".

Падранак вайны выйграў не толькі жыццё, але ж і ўвесь свой далейшы лёс. Ён скончыў ГДУ імя Ф.Скарыны, аддзяленне журналістыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы. З 1965 года пачынаецца ўзыходжанне па кар'ернай лесвіцы: літсупрацоўнік, адказны сакратар, галоўны рэдактар раённых газет, а потым - старшы рэдактар і загадчык аддзела Гомельскага тэлерадыёаб'яднання.

У апошні час ужо будучы на заслужаным адпачынку, ён вядзе сваю аўтарскую праграму, прысвечаную 80-годдзю абласнога радыё. Міхаіл Міхайлавіч вельмі шмат часу аддае рабоце ў архівах, бібліятэках, сустракаецца са сведкамі мінулых гадоў, знаходзіць цікавыя факты з гісторыі радыё, яго былых арганізатараў і ветэранаў. Ён адшукаў людзей, якія ў розны час працавалі на радыё. Вельмі цікавая і змястоўная атрымалася перадача, прысвечаная першаму пасляваеннаму старшыні абласнога камітэта па радыёфікацыі і радыёвяшчанні С.П.Купцову, а таксам пра ветэрана радыё, які аддаў любімай справе 46 год, В.І.Цюкшу, пра радыёжурналістку Я.А.Гаўрылаву.

Увогуле, Міхась Болсун аддае любімай справе ўвесь запал сваёй душы, багаты назапашаны вопыт, мудрасць і па-юнацку рамантычны погляд на рэчаіснасць. Калегі па рабоце і сябры гавораць аб ім як аб дастойным павагі чалавеку: шчырым, ветлівым, працавітым, заўсёды гатовым дапамагчы словам і справай.

Вяртаючыся да паэзіі, трэба зазначыць, што, валодаючы выдатнымі паэтычнымі здольнасцямі, Міхась Болсун тым не менш многія гады складваў вершы ў "скрыню". І вось, нарэшце, выйшла кніга яго вершаў "Яблыня ў фаце" - прадуманая, шчодрая, сталая, з россыпам паэтычных метафар і прызнанняў ў любові - Радзіме, прыродзе, жанчыне. Бо Радзіма, якая б навала не абрыналася на яе, становіцца яшчэ даражэй. І гэта адданасць, павага да родных каранёў працінае ўсю творчасць паэта.

Вершы, прысвечаныя бабулі, маці, жонцы - гэта своеасаблівы помнік любові, павагі і ўдзячнасці за шчырасць, пяшчоту, вернасць і самаахвярнасць. Увогуле, жанчына для паэта - гэта ўвасабленне прыгажосці, дабрыні, спагады.

Непрыгожых жанчын не бывае,
Непрыгожы бывае іх лёс,
Калі квецень душэўная мая

Арашаецца горыччу слёз.
У чарзе магазіннай, на полі
Цябе стрэне жанчыны пагляд.
Раздзялі з ёй усмешку і долю,
Расквітнееш і сам, нібы сад.

Хмель кахання адразу закружыць,
Праляцяць у пачуццях гады,
І жанчына - цудоўная ружа -
Адвядзе ад цябе знак бяды.

Спасцігаючы лірыку Міхася Болсуна, міжволі прыходзіш да думкі, што ўсё яго прыгожае жыццё адлюстравана ў творчасці. На ёй, як на лакмусавай паперцы, адбіліся і шчаслівыя імгненні, і гора, нястача, скруха, і ўзнёслая рамантычнасць, і светлы сум аб праляцеўшых, здаецца, так хутка гадах. Паэт спакойна, без надрыву гаворыць аб часіне, калі "цень затушуе вачніцы". Для яго смерць фізічная бяссільная перад жыццём духоўным, бо "на зямлі застаюцца сыны, сонцу ўсміхаюцца ўнукі", бо "некалі мой вершаваны радок хтось напаткае ў газеце", бо

Слову не дадзена ў вершах хлусіць -
Пылам мільгне і сатрэцца…
…Рад, што жыву я на Белай Русі,
Тут жа і спыніцца сэрца.

скачать софт