герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Буклет к презентации книги "Попел сэрца". МУШТЭНКА Леанід Антонавіч

Душа, не памірай! Пакуль ты ў стане
Жывіцца болем, гінуць не сьпяшай.
Надзея - зьлейшы вораг, ты каханьнем
Гані яе: ратуй сябе, душа!

Гомельскі паэт Леанід Муштэнка належыць да ліку тых шчаслівых рэдкіх талентаў, якім аднолькава добра ўдаецца грамадзянская тэма, і пейзажная і інтымная лірыка, і філасофскія разважанні аб нашым няпростым жыцці.

Усё гэта ўключае ў сябе невялічкая кніга паэзіі "Попел сэрца", якая каштуе добрага тома. Грамадзянская лірыка Муштэнкі - гэта адкрытая рана, якая смыліць і не дае забыцца ў раўнадушным абывацельскім дурмане. Гэта сумленне паэта і грамадзяніна, што "між дзьвюх эпох, над безданьню разлому, які прайшоў па лёсу і душы, шукаў я шлях свой згублены дадому і попел успамінаў варушыў", які "шукаў сьветлы шлях да Беларусі, калі да ёй сьцяжынка ледзь была".

Тэма Пагоні - старажытнага герба Вялікага княства Літоўскага - ва ўсе часы хвалявала гісторыкаў і пісьменнікаў. Найбольш вядомы твор - верш з аднайменнай назвай М.Багдановіча. Не параўноўваючы Л.Муштэнку з класікам, хочацца ўсё ж адзначыць, што за свой твор гомельскаму паэту не прыйшося б чырванець перад М.Багдановічам:

Навошта плакацца ў далоні?
Навошта скардзіцца аб тым,
Што з марай зьнішчана Пагоня,
Што незалежнасьць наша - дым?

За столькі год мы ўжо забылі
Сваё імя і карані:
Зламаны лёс, зламаны крыльлі,
Пагасьлі прашчураў агні.

Дык хто ж мы такія, беларусы? Дзе наша месца ў гісторыі? Гэта нацыя, якая, на жаль, яшчэ не праявіла сябе ў свеце. Але ж за ёй - будучыня. Вырваўшыся з немачы 19 стагоддзя, гэты народ стаў на ногі ў 20-м:

Не, мы зусім не эўрапейцы:
У нас другі менталітэт,
Другое сонца грэе сэрцы,
Другія погляды на сьвет.

Часам паэт кпіць з мнімых барацьбітоў за народнае шчасце. Той-сёй у гэтым чатырохрадкоўі пазнае сябе:

Каго хвалюе іншага свабода,
Калі не мае нават і сваёй?
Дык квакнеш раз - і з галавой ў балота:
Хай ведаюць, што й ты хадзіў у бой!.

Вершы аб родных мясцінах, аб Гомелі. Колькі іх было створана! Але, узгадваючы творы толькі нашых сучаснікаў-паэтаў, бачыш, якая вялікая дыстанцыя пралягае паміж філасафічнай, метафарычнай, элітарнай паэзіяй Фелікса Мысліцкага, пяшчотнымі, эмацыянальнымі, паглыбленымі творамі Юрыя Фатнева і вершаскладаннем некаторых гомельскіх піітаў. Гомель Л.Муштэнкі - гэта ўвасабленне чалавека, які, здаецца, спачувае паэту. Яны абодва пад дробным дажджом згадваюць мінулае, якое ніколі не вернецца:

Усё яшчэ мо пераменіцца,
І заўтра будзе іншы дзень.
Ды дождж над Гомлем і над Беліцай
Аж вечнасьць цэлую ідзе.

Інтымная лірыка Леаніда Муштэнкі - гэта ўсхваленне жанчыны, прыбліжэнне яе да Боскай іконы, гэта гімн жаночай прыгажосці, ласкавасці, годнасці, усяго таго, што вызначае сапраўдную жанчыну:

Яснавяльможная пані!
Рыцарам белым лячу
Я да цябе, закаханы, -
Ажно ўецца мой чуб!

І ў той жа час лірычны герой паэта - мужны і рашучы чалавек, баіцца толькі аднаго: каб яго не пакінула любая, бо потым яму "не падняцца з кален, не стаць у шэраг ратаборцаў".

Калі ж гады пазбавяць сілы
І сьмерць жыцьцё маё самне,
Дык і па іншы бок магілы
Любі мяне, любі мяне!

Тэма жыцця і смерці. Яе не абмінуў, бадай, ні адзін паэт. І што рабіць, калі "у старэчы ўзрост увайшоў", а яшчэ "і жаданьні ёсьць, як быццам, і гатовы йсьці ў бой, ды чамусьці мне не сьпіцца - штосьці робіцца з душой…"

Вунь за той нябачнай рысай,
Дзе ірвецца лёсу ніць,
Ўвесь у чорным, бледны рыцар
За душой маёй стаіць.

Але ж паэт добра ведае сваё месца ў Сусвеце. За ўсіх, хто жыве на зямлі, невыказаным болем шчыміць яго сэрца, за ўсіх блішчыць яго сляза. Інакш паэт - не паэт, інакш навошта паліць да попелу сваё сэрца на алтары паэзіі.

У гісторыі наогул не бывае
Ні танных перамог, ні дарагіх:
Калі душа зьнішчаецца жывая,
Тады і вечнасьць меньшыцца на міг.

У літаратурна-мастацкім салоне "Сустрэчы на Замкавай" з вялікім поспехам прайшла прэзентацыя кнігі паэзіі Л.Муштэнкі "Попел сэрца".

Текст: Малашенко Н.В.

скачать софт