герценка гомель герцена библиотека сеть публичных библиотек гомеля горбибл ггцбс официальный сайт ламинирование распечатка на советской

Версия для слабовидящих

Художники и писатели Гомеля 2

Буклет к презентации сборника "Непрадказальнасць дня"". ДУБРОВСКИЙ Алесь (Александр Степанович)

Год колькі таму, калі ў нашай вобласці рэгулярна праводзілася літаратурнае свята "Над Дняпром, Дзвіной і Сожам" з удзелам пісьменнікаў з Мінска і з трох абласцей-суседак - Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай, то на адным з іх прысутнічаў паэт Алесь Дуброўскі, ціхмяны, нетаропкі і разважлівы. Калі прадаставілі яму слова для выступлення перад аўдыторыяй, ён прачытаў верш, прысвечаны памяці паэта Анатоля Грачанікава, які заканчваўся наступнымі радкамі:

… Не пачуў,
І падаўся, нібы на прынаду.
Магістраль пакаціла
ў самае пекла.
Каб Шарпілаўка ведала горада здраду,
То сякераю шпалы на трэскі б пасекла…

Пэўны час было маўчанне. Пісьменнікі, ды і многія з прысутных у зале, мабыць, узгадалі паэта-земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, які так рана, у росквіце таленту і пры не высветленых да канца абставінах пайшоў з жыцця. А паэт Браніслаў Спрынчан, з якім я сядзеў побач, паказаў вачыма на А.Дуброўскага: "Добры паэт. А дзе ж ён раней быў?"

Раней Алесь Дуброўскі вучыўся ў сваёй роднай Целяшоўскай сярэдняй школе Гомельскага раёна, працаваў на будоўлі, пазней скончыў ГДУ імя Ф.Скарыны, адразу быў запрошаны на працу ў раённую газету "Маяк". Сёння ён - рэдактар падрыхтоўкі тэлевізійных праграм у тэлерадыёкампаніі "Гомель".

Дарэчы, так і не выйшла ў бібліятэчцы "Маладосці" кніжка вершаў А.Дуброўскага, хаця была ўхвалена і падрыхтавана да друку. І тут, можна сказаць, не пашанцавала: неўзабаве дадатак наогул заказаў доўга жыць.

Але паэт усё ж прыйшоў да чытача, хаця нельга сказаць, што не прыходзіў раней - яго вершы зрэдку друкаваліся ў часопісах і газетах. Прыйшоў шырокім, упэўненым крокам. Спярша пабачыла свет яго першая кніжка "І будзе лета апасля…" (2005 г., "Барк", Гомель), а сёлета - другая: "Непрадказальнасць дня", выдадзеная там жа. Першая і другая кнігі выдадзены прыстойна, на добрым паліграфічным узроўні.

Новая кніга вершаў А.Дуброўскага - гэта паэзія шырокага грамадзянскага гучання. Аўтара хвалююць самыя розныя жыццёвыя праблемы, ён акцэнтуе ўвагу, вядома ж, на значных, балявых момантах. У сённяшні імклівы час няпроста паэту знайсці нешта сваё, няпроста не паўтарыцца. Нехта з крытыкаў справядліва падкрэсліў, ды мы і самі гэта бачым, што паэтаў у нас больш чым шмат, і гэта, мусіць, добра, але ў такім хоры можна абавязкова пачуць голас, які дойдзе да цябе, не пакіне раўнадушным, закране тваё сэрца. Не толькі мелодыяй гучання, ён заварожыць атмасферай, у якую адразу ж, з першых радкоў, трапляеш. Атмасферай утульнасці, паразумення і чыстага, светлага спакою.

Мне хочацца параіцца
Не з вечарам, а з раніцай:
Яна мудрэй мяне ўдвайне…
А дзень, што нараджаецца,
Пацвердзіць пастараецца,
Памылак я пазбег
Ці не…

На любы густ можа знайсці чытач верш у зборніку. І аб каханні, і аб мінулай вайне, якая, вядома ж, не абмінула сваім крылом самых блізкіх паэту людзей, і проста - пра наша з вамі жыццё, такое рознае, шматколернае. Трапляюцца і ўдалыя іранічныя радкі.

Канешне ж, не мог абмінуць у сваіх творах паэт пару дзяцінства - самы, відаць, шчаслівы і незабыўны час для кожнага чалавека. Гэта недзе там, у яго родных Целяшах, "Як мячык, падскочыў яблык апалы… а мне падалося, што матулі-зямлі захацелася пагушкаць яго, як непаслухмянае дзіця-птушаня, што незнарок сарвалася з дрэва, або такім чынам падсадзіць назад на галінку…"

Змешчана ў зборніку і паэма "Трагедыя Пабужжа". Яна прысвечана памяці Аркадзя Набокіна - настаўніка-пенсіянера, які больш дзесяці гадоў пражыў адзін у выселенай вёсцы Пабужжа Веткаўскага раёна і быў забіты маладымі вырадкамі за ўласнае целя. Што тычыцца другой паэмы, "Цімох", то ёй аўтар даў падзагаловак - "З нататкаў журналіста раёнкі". Тут ёсць шмат шчырага, дасціпнага гумару. Чытаецца твор лёгка, на адным дыханні. Як і многія іншыя творы паэта.

Можна яшчэ і яшчэ цытаваць аўтара. Але ж і па тых радках, прыведзеных тут, можна пераканацца, што ў Гомелі заявіў пра сябе на поўны голас яшчэ адзін цікавы, самабытны паэт.

У літаратурна-мастацкім салоне "Сустрэчы на Замкавай" з вялікім поспехам прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі А.Дуброўскага "Непрадказальнасць дня".

скачать софт